ГРЫ́НВІЦКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,
найстарэйшая абсерваторыя Англіі. Засн. ў 1675 у Грынвічы (прадмесце Лондана). У 1954 пераведзена ў замак Хёрстмансо, за 70 км ад Лондана. У Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі даследуюць рух і становішча зорак, Сонца, планет; вызначаюць дакладны час, вымяраюць паралаксы зорак і інш. Асн. інструменты: 28- і 26-цалёвыя рэфрактары, 98-цалёвы рэфлектар і інш. Цераз першапачатковае месцазнаходжанне Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі праходзіць Грынвіцкі мерыдыян. З 1767 Грынвіцкая астранамічная абсерваторыя выдае астр. штогоднік «Марскі альманах». Дырэктару Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі надаецца тытул каралеўскага астранома.
т. 5, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)